Пятница, 25.05.2012 11:03.

У ціхай мелодыі ранішняга будзільніка, што прагучаў нязвыкла рана, пачулася гучнае “Рота, пад’ём!”. Сёння я цэлы дзень буду служыць журналістыцы на пагранічнай заставе “Лынтупы”. Той, якую бачна з ганка майго роднага дома, але за варотамі якой ніколі не даводзілася бываць. Хуценька збіраюся і ў нецярпенні крочу знаёміцца з тымі, хто па вечарах нярэдка спяваў ваенныя серэнады амаль што пад маімі вокнамі…
Каля сямі гадзін раніцы стаю ля варот заставы і чакаю, пакуль мне адчыняць. Гэтым часам мяне захлёстваюць успаміны: вось я з сяброўкамі на гэтым месцы, дзе сёння застава, збіраю пралескі, вось моцная тэхніка карчуе дрэвы і раўняе зямлю, а вось ужо вялікай дзіцячай кампаніяй мы гуляем у хованкі ў недабудаваных дамах афіцэрскага складу… Здаецца, гэта было толькі ўчора.
Мае настальгічныя ўспаміны перарывае скрып варот. Усмешлівы і прыветлівы малады пагранічнік прапускае мяне на закрытую для многіх тэрыторыю.
З чаго пачынаецца раніца?
Са сталовай! Па водары сняданку знайсці яе аказалася нескладана. У дзень майго знаходжання на заставе тут гаспадарыла Таццяна Лешчык. Дзяўчына працуе на такой жа пасадзе ў пастаўскай вайсковай часці, але пры неабходнасці адпраўляецца ў камандзіроўку ў Лынтупы.
Пакуль застава прачынаецца, гутару з ёй пра работу. Яна Таццяне падабаецца. Хоць дзяўчына мае 4 спецыяльнасці — повара, швачкі, лабаранткі і агародніцы, — працуе на кухні і мяняць работу не збіраецца.
— Сёння дзень пачаўся ў пяць гадзін раніцы, але да такога ранняга пад’ёму ўжо прывыкла, — кажа Таццяна. — З байцамі сумаваць не даводзіцца, сваімі жартамі і проста ўсмешкамі настрою заўсёды дададуць.
К сямі пачала выстройвацца чарга па порцыі гарачага сняданку, галоўная страва якога — пшанічная каша (як жа даўно я яе не каштавала!). “Добрай раніцы, Беларусь!”, — гучыць з радыё. Але, гледзячы на пакуль яшчэ сонных і маўклівых байцоў, пачынаеш сумнявацца ў праўдзівасці гэтага выразу.
Праўда, праз хвілін дваццаць на заставе адчуваеш што ні ёсць баявы настрой. Пачынаецца мітусня — сёння амаль усе пагранічнікі разам з кіраўніцтвам удзельнічаюць у кантрольных занятках па прадметах службовай падрыхтоўкі за першае паўгоддзе. Перад вачыма мільгацяць аўтаматы, пляшкі, канспекты… У такім рытме не паспяваю пагаварыць ні з начальнікам заставы Кірылам Юр’евічам Руда, які праводзіць ранішняе пастраенне, ні тым больш з байцамі. Загружаюся ва “УАЗік” і пад аховай “арміі” пагранічнікаў накіроўваюся ў Паставы.


З аўтамата страляць — гэта не вачамі
Па дарозе размаўляю са старшыной Артурам Георгіевічам Машковым. Ён расказвае цікавыя рэчы. Аказваецца, ад фізічнай падрыхтоўкі і жыццё залежаць можа. Сёння ўжо з усмешкай ён успамінае, як падчас нарадаў на мяжу не раз даводзілася спаборнічаць на хуткасць бегу з далёка не добразычлівымі дзікамі.
У вайсковай часці 2044 “зазелянела” ў вачах яшчэ больш. Сюды з’ехаўся ўвесь асабовы склад аддзела пагранічнай службы “Паставы”. Пасля агульнага пастраення пачаліся іспыты байцоў на фізічную падрыхтоўку, трапнасць стральбы і веданне тэорыі.
Спачатку на тэрыторыі вайсковай часці пагранічнікі падцягваліся на турніку і бегалі дыстанцыі ў 100 і 3000 метраў.

Калі гэта відовішча здзівіла мяне мала, то падзеі на вайсковым стрэльбішчы паблізу Пастаў уразілі вельмі.
Перад пачаткам стрэльбаў пагранічнікі адказалі на тэарэтычныя пытанні. Інфармацыя пра хуткасць палёту кулі і даўжыню аўтамата Калашнікава была для мяне абсалютна новай. Мішэні на адлегласці паўкіламетра здаваліся недасягальнымі. Але ўжо з першых выстралаў зразумела: трапляць у іх не можна, а трэба. Такога грукату я не чула даўно. Адчуванне — нібы знаходзішся ў эпіцэнтры ваенных падзей. Яго яшчэ больш умацоўвала трава, якая загаралася і дыміла ад пушчаных “у малако” куль. Тушыць яе пагранічнікам давялося не раз.
Сама стрэльнуць не асмелілася, бо добра памятаю свой стан пасля знаёмства з аўтаматам Калашнікава на комплексе “Лінія Сталіна”. Паўтараць тыя пачуцці не хацелася. Усё ж такі з аўтамата страляць — гэта не вачамі.
Ад намесніка начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і службовай падрыхтоўцы Юрыя Часлававіча Дунца даведалася: заняткі такога маштабу праводзяцца толькі два разы ў год.
Пра лынтупскую заставу Юрый Часлававіч расказвае з гонарам. Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за мінулы год яна заняла першае месца, а яе былы начальнік Сяргей Іванавіч Шынкевіч прызнаны лепшым начальнікам заставы ў Смаргонскім пагранічным атрадзе.tc «Пра лынтупскую заставу Юрый Часлававіч расказвае з гонарам. Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за мінулы год яна заняла першае месца, а яе былы начальнік Сяргей Іванавіч Шынкевіч прызнаны лепшым начальнікам заставы ў Смаргонскім пагранічным атрадзе.»
Пасля стрэльбаў зноў вяртаемся ў камендатуру. Цяпер пагранічнікі адчуваюць сябе студэнтамі — пісьмова адказваюць на пытанні па ідэалагічнай падрыхтоўцы і заканадаўстве.
Сямігадзінныя “сонечныя ванны” скончыліся, і мы вяртаемся ў Лынтупы. Салдаты хоць стомленыя, але шчаслівыя — доўгачаканы абед!
Застава — пагранічная сям’я
Толькі к вечару з’яўляецца магчымасць у адносна спакойнай абстаноўцы прагуляцца па тэрыторыі заставы і пагаварыць з яе начальнікам.
Кірыл Юр’евіч Руда расказаў, што застава ў Лынтупах была пабудавана ў 2000 годзе. А 28 мая 2003 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ёй было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Сямёна Сільвестравіча Пустэльнікава. Ля ўвахода на заставу ў яго гонар устаноўлены бюст.
— Імянных падраздзяленняў у органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь толькі 13, — адзначыў Кірыл Юр’евіч. — Тое, што мы ў іх ліку, — вялікі гонар.
Прагулка па тэрыторыі зацягваецца. Паглядзець тут ёсць на што. Побач з адміністрацыйным будынкам размяшчаюцца бокс для абслугоўвання тэхнікі, заправачная станцыя, цяпліца, гадавальнік для службовых сабак, ёсць свая кацельня, воданапорная вежа, памяшканне для падсобнай гаспадаркі… За варотамі — два чатырохкватэрныя дамы для афіцэрскага складу.
Не менш цікава заглянуць у адміністрацыйны будынак. Калі на першым паверсе пануе рабочая абстаноўка, то на другім — больш хатняя: пакоі, дзе жывуць салдаты, месца для заняткаў спортам, утульны куток з тэлевізарам для адпачынку.
Заставе 12 гадоў, яе новаму начальніку — 24. Што будзе ваенным, Кірыл Юр’евіч ведаў яшчэ ў дзяцінстве. Сын афіцэра, ён вучыўся ў ваенна-патрыятычным класе, а потым паступіў у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь на факультэт пагранічных войскаў. Скончыў яе ў 2010 годзе і па размеркаванні прыехаў працаваць у Лынтупы намеснікам начальніка заставы па ідэалагічнай рабоце. І неўзабаве заняў такую адказную пасаду.
— Я ганаруся тым, што служу менавіта ў пагранічных вайсках, — прызнаўся К. Ю. Руда. — Мы ў пастаяннай баявой гатоўнасці. Разам са мной працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія пагранічнай службе аддалі шмат гадоў, — старшыя прапаршчыкі Павел Уладзіміравіч Бабіч і Валерый Зянонавіч Кухальскі. Наша застава — агульны дом, агульная сям’я.
Пакуль мы размаўляем, жыццё на заставе кіпіць. Двое салдат пайшлі ў нарад, некалькі дапамагаюць на кухні, іншыя — у гадавальніку з сабакамі…

Праз некалькі хвілін усе яны ў пастраенні слухаюць начальніка, які падводзіць вынікі сённяшняга дня і размяркоўвае абавязкі.
Вось яны — пагранічныя будні. Але лепш за ўсё пра іх могуць расказаць толькі салдаты.
— Самую вялікую колькасць адрэналіну атрымліваеш пасля начнога “Застава, у ружжо!”, — расказвае малодшы сяржант з Віцебска Дзмітрый Асадчы. — У цемры едзеш невядома куды, не ведаеш, што цябе чакае. А ўвогуле, служба нясе шмат падзей. Мы ўдзельнічаем у многіх мерапрыемствах, якія ладзяцца ў Лынтупах: канцэртах, забаўляльных праграмах. Час ляціць неймаверна хутка!
У адзін голас байцы згаджаюцца з думкай, што армейская дружба — самая моцная. І прыгадваюць выпадкі, калі хлопцы, адслужыўшы, плачуць падчас развітання з армейскімі сябрамі.

рэці раз за сённяшні дзень заходжу ў сталовую. Сярод пагранічнікаў адчуваю сябе зусім сваёй. Яны, павячэраўшы пюрэ са смажанай рыбай, усміхаюцца. Для большасці з іх чарговы, а для мяне першы армейскі дзень скончаны.

Перад сном у вачах пачынаюць мільгацець моманты сённяшняга дня, а ў вушах чуецца стрэл аўтаматаў. Але зусім нядоўга — праз імгненне сілы і думкі дружна мне скажуць: “Адбой!”.
Іна СНЯЖКОВА